Міжнародны дзень роднай мовы, абвешчаны рашэннем 30‑й сесіі Генеральнай асамблеі ЮНЕСКА ў лістападзе 1999 года, адзначаецца штогод 21 лютага ва ўсім цывілізаваным свеце як садзеянне абароне і захаванню моў усіх народаў свету.
Ты зжылося з намі, бацькаўскае слоўца,
Як бы корань з дрэвам, як бы з небам сонца;
Як жыло ты з намі - будзеш вечна жыці,
Грамадой мільёнаў з светам гаварыці…
(Янка Купала).
Родная мова кожнага народа выступае той жывой знакавай сістэмай, якую ён, народ, вызнае сваёй духоўнай спадчынай; праз якую бачыць уласную неад’емнасць ад гісторыі роднай зямлі; па якой вызначае сваю адметнасць сярод іншых народаў свету.
Паводле выказвання беларускага грамадскага дзеяча, асветніка ХІХ ст. Аляксандра Ельскага: «Родная мова ў дакладным значэнні ёсць самая любімая спадчына нацыі: праз яе найлягчэй пранікнуць у душу нацыі, закрануць пачуцці, праясніць розум, падштурхнуць адпаведную думку, заклікаць да дзеяння, змагацца са страсцямі, ствараць дабрачыннасці».
Родная мова - гэта «духоўны пашпарт народа» (Уладзімір Калеснік). Таму ў сучасным свеце асаблівая ўвага надаецца моўнай разнастайнасці і шматмоўнай адукацыі, захаванню моўных і культурных традыцый.
Кафедра беларускай і замежных моў Акадэміі МУС пад час гэтага ўрачыстага мерапрыемства арганізуе творчыя сустрэчы з вядомымі грамадскімі дзеячамі, навукоўцамі Рэспублікі Беларусь, прадстаўнікамі беларускай культуры. Святочныя мерапрыемствы акадэмii да Дня роднай мовы у сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй адбудуцца ў траўні 2021 года.
Кафедра беларускай і замежных моў.